МІ́НСКІЯ ПАЎСТА́НЦКІЯ АТРА́ДЫ 1863,
узброеныя фарміраванні Мінскай паўстанцкай арганізацыі 1863 у перыяд паўстання 1863—64. Агульны план узбр. выступлення, прызначанага на 19.4.1863, распрацаваны членам арг-цыі паручнікам С.Ляскоўскім, які ўзначаліў найбольшы на Міншчыне Ігуменскі паўстанцкі атрад. Паводле загаду арг-цыі 19 крас. некалькі соцень мінчан тайком выйшлі з горада і з’явіліся на загадзя намечаныя зборныя пункты. Атрад пад камандай А.Трусава сабраўся каля Халяўшчыны. У баі 28.4.1863 каля в. Пятровічы ён быў разбіты ўрадавымі войскамі. Другі атрад пад камандаваннем ваен. кіраўніка Мінскага пав. П.Дыбоўскага (са жн. Л.Рамішэўскага) сабраўся каля в. Прылукі і дзейнічаў каля Слуцкага тракту. У жн. 1863 атрад вытрымаў бой з урадавымі войскамі каля Навасёлак, але хутка быў распушчаны. У Пінскім пав. Мінскай губ. ў розныя часы дзейнічалі паўстанцкія атрады Р.Рагінскага, Р.Траўгута, Я.Ваньковіча. Атрад Слуцкага пав. на чале з У.Машэўскім быў разбіты 21.4.1863 каля в. Азярцы. Пасля паражэння навагрудскіх паўстанцаў 7.4.1863 ва ўрочышчы Белыя Імхі навагрудскі атрад сфарміраваўся нанава ў Налібоцкай пушчы. Гэты атрад на чале з В.Міладоўскім удзельнічаў у Мілавідскай бітве 1863 на Слонімшчыне, а пасля вярнуўся ў Навагрудскі пав. Некалькі паўстанцкіх груп Барысаўшчыны, Лепельшчыны, Магілёўшчыны аб’ядналіся ў Барысаўскім пав., але былі разбіты 7.5.1863 каля в. Падбярэззе. На Вілейшчыне змагаліся атрады Ю.Бакшанскага, В.Козела, Г.Чаховіча.
Г.В.Кісялёў.
т. 10, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)